Общество

«Жалезная заслона вакол нашай краіны». Беларусам усё цяжэй атрымаць польскія візы

Запісу на падачу дакументаў на польскую візу ў Менску цяпер даводзіцца чакаць чатыры месяцы і даўжэй. І гэта нават праз «памагатараў» і за немалыя грошы, піша Белсат.

Польшча абяцала змагацца з пасярэднікамі і ботамі, якія браніруюць месцы на сайце візавага цэнтру, уводзіла дадатковыя патрабаванні кшталту відэаверыфікацыі, аднак становіцца толькі горш. Пагутарылі з беларусамі, якіх чаканне давяло ўжо амаль да адчаю, ды паглядзелі, што пішуць у «візавых» чатах. Спойлер: усё сапраўды кепска.

Супрацоўнік усталяваў бот на тэлефон і сказаў чакаць

Алена (імя змененае з меркаванняў бяспекі) ужо два гады ездзіць на працу ў Польшчу. Дазвол на жыхарства жанчына не рабіла, бо праз асабістыя абставіны не можа надоўга заставацца ў Польшчы – ёй трэба ездзіць у Беларусь, а ў чаканні карты побыту можна стаць невыязной на даволі працяглы час. Таму беларуска проста афармляла працоўныя візы і па іх выязджала на працу. Нягледзячы на пэўныя складанасці, усё атрымлівалася. Да гэтага года.

На пачатку вясны, за некалькі дзён да сканчэння візы, Алена вярнулася дамоў. Пры сабе жанчына мела запрашэнне на працу ад польскай фірмы. Паспрабаваўшы самастойна зарэгістравацца на падачу дакументаў праз візавы цэнтр VFS Global – афіцыйны партнёр польскай амбасады ў Беларусі, і зразумеўшы, што гэта безнадзейна, на пачатку красавіка жанчына пайшла да «памагатараў». Заплаціла першы ўнёсак – 300 рублёў (яшчэ 300 трэба заплаціць, калі запішуць).

Дапамога з афармленнем дакументаў і запісам на падачу на польскую працоўную візу каштуе ад 600 да 1000 рублёў у залежнасці ад рэгіёну. Потым яшчэ трэба заплаціць сэрвісны збор у памеры 18 еўраў і консульскі – 60 еўраў.

Супрацоўнік фірмы ўсталяваў на тэлефон Алены адмысловы бот і сказаў чакаць – на яго павінны прыходзіць спасылкі на верыфікацыю ў дні так званай «раздачы» месцаў на візы – калі слоты з’яўляюцца на сайце візавага цэнтру.

Інфармацыю пра «раздачы» дасылае «памагатар» у адмысловы чат, а таксама за датамі можна сачыць на сайце Візавага цэнтру. Наступная, напрыклад, будзе для Гарадзенскай консульскай акругі (падача ў візавых цэнтрах у Горадні і Лідзе) у пятніцу, 13 чэрвеня ў 11:00.

«Нават паспяхова пройдзеная верыфікацыя – не гарантыя таго, што цябе запішуць»

У дзень «раздачы» трэба быць увесь час на сувязі, літаральная не выпускаць тэлефон з рук, кажа Алена. Акрамя таго, трэба «сядзець» на мабільным інтэрнэце, бо праз «хатні» ад «Белтэлекаму» бот не працуе. Таксама праз «хатні» інтэрнэт без VPN Алена не можа і адкрыць сайт візавага цэнтру.

За два месяцы было некалькі «раздачаў» (іх звычайна бывае 2 – 3 на месяц). Спасылка на відэаверыфікацыю прыйшла Алене толькі адзін раз.

Раней, яшчэ на пачатку 2024 года, запіс на візу выглядаў інакш.

«Трэба было рэгістравацца праз МСІ – міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. Ніякіх сэлфі не трэба было рабіць. У пэўныя дні прыходзілі коды, якія трэба было дасылаць «памагатару». Не абавязкова было быць на мабільным інтэрнэце. Мяне тады запісалі даволі хутка. Агулам, было прасцей. Я разумела, за што я заплаціла грошы – за тое, каб не ўнікаць ва ўсе гэтыя дэталі і не губляць на гэта час, каб мяне запісалі без майго ўдзелу. Цяпер – не разумею. Я заплаціла, але ніякіх гарантыяў няма, і я ўвесь час «на строме», – кажа беларуска.

Відэаверыфікацыю для запісу на падачу дакументаў на візу Польшча ўвяла ў красавіку 2024 года – каб знізіць нагрузку на сайт візавага цэнтру і абараніць яго ад рэгістрацыі праз ботаў. Відавочна, штосьці пайшло не так.

Як вынікае з аповедаў беларусаў, запісацца стала складаней.

«Калі табе прыходзіць спасылка на відэаверыфікацыю, трэба прайсці па ёй. Пры гэтым трэба, каб абавязкова працавала камера. Спачатку там устаўляеш у акенца пашпарт, а потым робіш сэлфі, – кажа Алена.

– Я прайшла, бот не выдаў ніякіх памылак. Аднак мяне ўсё роўна не запісалі. У фірме кажуць, што нават паспяхова пройдзеная верыфікацыя – ні разу не гарантыя таго, што цябе запішуць. Некаторыя праходзяць гэтую верыфікацыю па 15 – 20 разоў, перш чым іх запішуць. Але да гэтага этапу яшчэ спасылку трэба дачакацца».

«Гэта ўсё максімальна ненармальна»

За адну «раздачу» фірма, у якую звярнулася Алена, запісвае ў сярэднім 2 – 3 чалавекі. Апошні раз прайшлі пяцёра. Бывае, што ўвогуле нікога не атрымліваецца запісаць. Алена баіцца, што з такімі тэмпамі чакаць можна вельмі доўга. Неяк прыспешыць запіс немагчыма – усё нагадвае сапраўдную латарэю – пашанцуе ці не.

Алена перажывае, што за той час, пакуль яна чакае запіс на візу, працадаўца можа ануляваць ёй запрашэнне, бо жанчына не змагла з’явіцца на працы ў вызначаны час, і калі зможа – яна не ведае. Ці будуць яе там чакаць – таксама невядома.

Павел (імя таксама змененае з меркаванняў бяспекі) чакае запісу на падачу дакументаў на візу праз «памагатараў» з лютага. За ўвесь гэты час мужчына атрымаў толькі адну спасылку на верыфікацыю, аднак прайсці яе не змог – бот выдаў памылку.

«Гэта ўсё максімальна ненармальна. Калі нават за 1000 рублёў – шалёныя грошы – ты не можаш запісацца. Я не ведаю, ці ёсць сэнс далей чакаць, ці шукаць працу тут. Нейкая сапраўдная жалезная заслона вакол нас і нашай краіны, і незразумела, хто найперш вінаваты, хто яе стварае», – кажа беларус.

Не менш праблемаў у тых, хто спрабуе злавіць дату на падачу дакументаў самастойна. Некаторыя не могуць пераадолець нават самы першы этап – зарэгістравацца на сайце Візавага цэнтру.

«Я не магу зразумець, як заходзяць на сайт, калі амаль дзве гадзіны выдае памылку 429 з розных прыладаў і браўзераў. Толькі ў Safari няма памылкі, але там вечнае чаканне ў чарзе. У чым тут загвоздка?» – скардзіцца ўдзельнік чату.

«Боты памагатараў не дапамаглі»

Чарговая праблема, якую можна сустрэць – сістэме «не спадабаецца» вашая пошта.

«Толькі нядаўна зарэгістраваўся, а цяпер піша, што такой пошты няма», – піша ўдзельнік чату «Запись в визовый центр Польши РБ».

«Я так разоў дзесяць рабіў ужо. Не памятаю нават, колькі скрыняў рэгістраваў, і канцоўка адна і тая ж – мы вас не знаходзім», – адказваюць яму.

Памылкі падчас відэаверыфікацыі – увогуле сістэматычная з’ява.

«Мо, хтосьці падкажа? Праз бот прыйшло паведамленне – «Вы перавысілі колькасць спробаў верыфікацыі, звяжыцеся кнопкай праз бот для запісу з візавым цэнтрам». Што гэта ўвогуле такое?» – пытаецца ўдзельнік візавага чату.

«Па 12 раз праходзілі верыфікацыю за адну раздачу – і быў нуль», – піша іншы ўдзельнік чату.

У адказ раяць уваходзіць праз іншы тэлефон:

«Паспрабуйце замяніць тэлефон, пазычыць у некага на час раздачы і ўвайсці на гэтым тэлефоне. Гэта робіцца хутка і можа атрымаецца запісацца, калі ў вас з верыфікацыяй праблема».

Ёсць выпадкі, калі людзей баняць на содні падчас спробаў прайсці верыфікацыю – такое можа быць, калі чалавек спрабуе запісацца адразу праз некалькіх «памагатараў» ці праз інтэрнэт ад «Белтэлекаму».

Ёсць, аднак, і шчасліўчыкі, у якіх атрымліваецца запісацца самастойна. Вось такі дыялог сустрэлі ў вышэйзгаданым чаце тых, хто спрабуе запісацца на візу:

«- Хтосьці змог сам запісацца на апошняй раздачы?

- Так, Гомель. Прычым, боты памагатараў не дапамаглі».

«Усё становіцца цяжэй для беларусаў»

Шмат водгукаў пра тое, што запіс – і самастойна, і з дапамогай «памагатараў» – латарэя:

«Гэта ўжо рандом цяпер. Прыяцель з першага разу ўзяў сабе запіс. А я на той момант ужо трэці месяц спрабаваў. Сітуацыя – латарэя».

Людзі прапаноўваюць мяняць «памагатараў», аднак не ўсе з гэтым згодныя:

«А розніца? Усе «памагатары» працуюць па адной і той жа схеме. Спасылка на верыфікацыю і пагнаў. У мінулы чацвер сайт вісеў так, што трындзец. За дзень спасылак штук 50 было. А толку – нуль. Нават сэлфі прыходзіла, але ў канцы ўвесь час выкідвала».

Візавыя цэнтры прымаюць заяўнікаў у адпаведнасці з рэгіёнам рэгістрацыі. У Берасцейскай вобласці, як сведчаць у адмысловых чатах, запісацца прасцей за ўсё, таму беларусы пачалі нават змяняць месца рэгістрацыі, каб атрымаць візу ў ЕЗ.

Беларусы, у якіх атрымалася зрабіць працоўную польскую візу, з жахам думаюць пра тое, што гэтую працэдуру давядзецца праходзіць яшчэ раз.

«Чатыры месяцы чакання, шмат грошай і нерваў. А цяпер увогуле сябры распавядаюць, што амаль нерэальна запісацца, – кажа Ганна (імя змененае з меркаванняў бяспекі), якая цяпер знаходзіцца ў Польшчы. – Разумею, што трэба падавацца на дазвол на жыхарства па працы, хоць яго таксама тут пакуль дачакаешся…. Усё становіцца цяжэй для беларусаў, на ўсіх этапах праблемы».

Яшчэ адна праблема, з якой цяпер сутыкаюцца некаторыя беларусы – Польшча пачала выдаваць працоўныя візы на два ўезды. То бок, працаваць у Польшчы і рэгулярна ездзіць дамоў у Беларусь з такой візай не атрымаецца.

Хацелі як лепш. А што атрымалася?

Няпроста зрабіць цяпер і турыстычную польскую візу (некаторыя беларусы, якія хацелі трапіць на канцэрт Макса Каржа 9 жніўня 2025 года ў Варшаве, вымушаныя прадаваць квіткі, бо не могуць атрымаць візу), а амаль немагчыма – гуманітарную, з дапамогай якой вялікая колькасць беларусаў з 2020 года змагла пазбегнуць пераследу і турмы на радзіме. Распавядаюць пра выпадкі, калі нават з доказамі рэпрэсіяў польскае консульства ў Менску адмаўляла ў гуманітарнай візе.

У той жа час у красавіку намесніца міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс заявіла, што праблемы з выдачай гуманітарных візаў будуць развязаныя да першага кварталу 2026 года. Плануецца спрасціць працэдуру атрымання гэтага тыпу візаў і адначасова перадухіліць іх выкарыстанне не паводле прызначэння.

Праблемы з атрыманнем польскіх візаў пачаліся ў беларусаў напрыканцы 2023 года, калі Польшча пачала расследаваць так званую «візавую аферу» – нібыта беспадстаўную выдачу візаў у вялікай колькасці. У студзені 2024 года была прыпыненая праграма Poland Business Harbour, з дапамогай якой у спрошчаным парадку атрымлівалі візы беларускія айцішнікі. Таксама з таго часу ўсё складаней стала атрымаць гуманітарную візу.

Польшча неаднойчы заяўляла, што будзе змагацца з сеткай «памагатараў», якія зарабляюць грошы на польскіх візах, а таксама з ботамі, праз якія немагчыма самастойна зарэгістравацца на падачу. У лютым 2025 года консульскі дэпартамент МЗС Польшчы заявіў, што мае намер увесці дадатковую верыфікацыю ў выглядзе біяметрыі ўжо на этапе аўтарызацыі на сэрвісе для рэзервацыі датаў візіту для падачы дакументаў на візу. Гэта нібыта павінна яшчэ больш ускладніць дзейнасць візавых пасярэднікаў. Падобнае абяцанне, аднак, агучвалася і падчас увядзення відэаверыфікацыі.

Ды і агулам, нейкіх зрухаў у кірунку паляпшэння сітуацыі з візамі пакуль не бачна, а толькі наадварот становіцца ўсё складаней. У 2024 годзе колькасць польскіх візаў, выдадзеных беларусам, скарацілася ўтрая, а лічба адмоваў – удвая вырасла.