Харысава: Словы Эйсмант гучаць як шантаж: маўляў, мы таксама можам закрыць межы

Паліталагіня Аліна Харысава — пра залёт дрона з бчб-сцяжкамі ў Гродна.

— Мне падаецца, што гэта ўсё ж такі арганізаваная беларускім бокам правакацыя, у першую чаргу, каб паўплываць на людзей у Беларусі. На павестцы былі шары, таму трэба было нечым гэта перабіць, — кажа Харысава ў эфіры Еўрарадыё.

Аліна Харысава. Фота: Еўрарадыё

— Для людзей у Беларусі гэта ўспрымалася як проста нейкія шары, штосьці бяскрыўднае. А тут раптам — беспілотнік, ды яшчэ і з бчб-сцягамі. Яны яшчэ гэта так карава заблюрылі, проста кашмар.

Калі паглядзець на сам беспілотнік і тое, як усё было абсталявана, бачна, што гэта нешта самаробнае, і зразумела, што літоўскі бок за гэтым не стаіць.

Таму я тут прыхільніца тэорыі змовы і думаю, што гэта было зроблена ў мэтах беларускай прапаганды — у кантэксце закрыцця межаў і беларускіх правакацый на Літву.

Трэба было выставіць літоўцаў не беднымі-няшчаснымі, якія пакутуюць ад беларускіх дзеянняў, а заходнімі лялькаводамі, якія робяць дыверсіі і нібыта распаўсюджваюць матэрыялы «экстрэмісцкай накіраванасці».  

Калі б літоўская дзяржава стаяла за гэтай правакацыяй, яны б прыдумалі нешта больш надзейнае — не тое, што ляснецца ў Гродна.

Пры гэтым, адзначае паліталагіня, правакацыя можа быць накіравана і на літоўскую аўдыторыю, прынамсі, на палітыкаў.

— Бо тое, як гэта падаюць дзяржаўныя СМІ, тое, што кажа Эйсмант, гучыць як шантаж. Маўляў, закрыццё межаў дрэнна паўплывала на літоўцаў, а потым літоўцы самі нешта запускаюць да нас. А мы ж можам і самі закрыць межы — і тады вы будзеце сядзець у Літве і прасіць, каб мы іх адчынілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)