«Свой тэст Стрыжак пачаў праходзіць. Але свой тэст праходзяць і тыя, хто каментуюць або ацэньваюць»

Палітолаг Пётр Рудкоўскі – пра дзік-пікі, мараль і культуру калектыўнай помсты.

1. Высыланне дзік-пікаў жанчынам «па змоўчанні», без папярэдняга выбудоўвання адносін і разумення яе ўразлівасці – рэч амаральная, – піша Рудкоўскі. – І тое, што некаторыя жанчыны ўспрымаюць гэта як форму ўварвання ў іх прыватную прастору, прыніжэння іх годнасці – да гэтага трэба ставіцца сур’ёзна.

Хоць сам Стрыжак прызнаў, што гэта амаральна, хоць заклікаў вучыцца на ягоных памылках (праўда, іншымі словамі), не бракавала кепікаў і жарцікаў некаторых мачо.

Маўляў, «а вам (жанчынам) можна траўміраваць мяне сваімі паўаголенымі цыцамі? Хі-хі-хі, ха-ха-ха».  «А вам пофіг, што таму-сяму пурытанцу не падабаюцца вашы (маюцца на ўвазе жанчыны) паўадкрытыя с*акі, пупкі, панчохі, цыцы навыварат і многае іншае?» Ох як дасціпна, ах як цэльна.

І так, абазначым яшчэ раз гэты момант выразна: высыланне няпрошаных дзік-пікаў – амаральна.

Пётр Рудкоўскі

Параўнованне абурэння такой практыкай да абурэння «пурытанцаў» кароткімі спадніцамі ці глыбокім дэкальтэ — прастацкая форма апраўдаць яскрава заганныя практыкі.

2. Але гэта не канец праблемы. Ёсць і іншы бок, магчыма, яшчэ больш важны.

Паказнік здаровага, спелага грамадства – гэта не толькі асуджэнне амаральных дзеянняў, але развітасць культуры рэабілітацыі. Асуджэнне без культуры рэабілітацыі – гэта ўласцівасць прымітыўнага грамадства.

Грамадства, у якім дамінуюць людзі, упэўненыя ў тым, што:

а) яны выдатна ведаюць, што такое дабро і зло;

б) яны не маюць за сабой ніякага дрэннага ўчынку;

в) яны ніколі ў будучым не ўчыняць ніякага дрэннага ўчынку.

Калі ў нейкім грамадстве пераважаюць такія людзі, то гора такому грамадству.

3. Ёсць яшчэ адзін важны паказнік здаровага, спелага грамадства. Гэта ступняванне амаральных дзеянняў. Абазваць матам і забіць на смерць – абедзве рэчы дрэнныя, але яны вельмі моцна розняцца, ці не так?

Няпрошаны дзік-пік – гэта нешта больш заганнае, чым неасцярожнае слова. Але гэта таксама не тое самае, што фізічны гвалт.

Кваліфікаванне ўсяго як «аднолькава злога» — гэта іншы бок той самай прастацкай культуры, таго самага прымітывізму, што і знак роўнасці паміж глыбокім дэкольтам і высыланнем дзік-пікаў.

4. Якая выснова з усяго гэтага для кейсу Стрыжака і магчымых іншых падобных кейсаў?

Першае – ёсць факт памылкі, амаральных учынкаў, непрыстойнасці – як зваў так зваў.

Другое – ёсць момант прызнання памылкі і амаральнасці, і ёсць воля выправіць і пераадолець.

Ага, гэта сталася  «ўжо пасля розгаласу медыя»? Сталася, бо «не меў ужо іншага выйсця?»

Ах, дарагія мае лунацікі (ну бо вы ўпалі з Месяца і не ў курсе, што дзеецца на Зямлі, адсюль такі зварот). Паглядзіце і разгледзьцеся, якім чынам людзі, асабліва селебрыці, зазвычай рэагуюць на раскрыццё іх заганных учынкаў.

Не, прызнанне памылкі/амаральнасці – гэта ніяк не выпадак «бо-не-было-ніякага-выйсця». Круціць-муціць або нават перакідваць адказнасць – вось што ёсць больш тыповым патэрнам.

Трэцяе – свой тэст спадар Стрыжак... не будзем казаць, што прайшоў, але як мінімум пачаў праходзіць. І гэта ў дадзенай гісторыі дужа важна.

Але свой тэст — на прадмет маральнай спеласці — праходзяць і тыя, хто каментуюць або ацэньваюць.

Замест заключэння. Хтось у ходзе дыскусіі сказаў нешта кшталту: давайце не будзем пераносіць у Новую Беларусь мізагінію, патрыярхат і ўсякую іншую халеру (цытую з памяці). Цалкам згодзен.

Але і ад сябе дадам: ...і давайце не пераносіць племянную ментальнасць калектыўнай помсты.

Новая Беларусь — гэта не грамадства фарысеяў-праведнікаў, а грамадства з развітай культурай рэабілітацыі, прасторай магчымасцяў для выпраўлення памылак і пераадолення маральных заганаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)