Гісторыя — гэта не пра памяць, якая служыць палітыцы. Гэта не гісторыя як інструмент «памяці дзеля зручнага кіравання». Гэта гісторыя як маральнае і інтэлектуальнае даследаванне складанасці.
Снайдэр: «Разумець гісторыю Беларусі – значыць разумець саму ідэю Еўропы»
Вядомы амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр прачытаў лекцыю пра Беларусь — як старажытную, так і сучасную. Наша Ніва прыводзіць асноўныя моманты.
Гэта не была звычайная гістарычная даведка: Снайдэр прапанаваў паглядзець на Беларусь як на месца, дзе перасякаюцца цывілізацыі, і на нацыю, гісторыя якой супярэчыць аўтарытарным міфам.
Нацыя — старая ці новая?
Снайдэр задае галоўнае пытанне: нацыя — гэта нешта старажытнае ці сучаснае? Яго адказ: і тое, і тое. Нацыі ўзнікаюць з глыбокіх гістарычных працэсаў: міграцый, кантактаў, абмену. Але фармуюцца яны ў кантэксце мадэрнасці: праз адукацыю, друк, дзяржаўную палітыку, інтэрнэт.

Ён крытыкуе нацыяналістычны падыход, які сцвярджае, быццам сучасная нацыя цягнецца бесперапынна з глыбіні стагоддзяў: «Такога мінулага, як яго ўяўляюць нацыяналісты, — дзе нібыта існуе адзіны народ, вечна нявінны, які ніколі не рабіў нічога благога і які быццам існаваў заўсёды, — не існуе. Але ёсць іншае глыбокае мінулае — складанае, насычанае сустрэчамі і пластамі, якое можна адкрываць з цікавасцю і надзеяй».
Аўтакраты і замарожанае мінулае
Сучасныя аўтакраты выкарыстоўваюць гісторыю як інструмент, каб прэтэндаваць на вечную ўладу. Як гэта працуе?
«Адзін з прыкладаў — гэта тое, што мы бачым у Расіі. І ён вельмі падобны да таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта простая схема:
1. Выбіраецца нейкі момант у мінулым.
2. Гэты момант абвяшчаецца момантам дасканаласці і нявіннасці.
3. Далей сцвярджаецца, што з таго моманту нічога істотнага не адбылося.
4. І нарэшце, узнікае дыктатар, які кажа: «Я гарантыя таго мінулага, таму мая ўлада вечная».
У розных краінах гэта адбываецца з рознымі акцэнтамі. У Расіі гэты ідэалізаваны момант — гэта 988 год, калі Уладзімір (а насамрэч Вальдэмар) хрысціў сваю дзяржаву. У Беларусі Лукашэнка аддае перавагу іншай даце — 1945 год».
Снайдэр папярэджвае: гісторыя так не працуе. Яна складзеная з нечаканасцяў, супрацьлегласцяў і сустрэч. Яна патрабуе не паўтору, а разумення: «Калі вы чытаеце кнігу па гісторыі, і яна пацвярджае тое, што вы і так думалі, гэта дрэнная кніга».
Гісторыя не служыць уладзе
Сапраўдная гісторыя не дапускае супярэчнасцяў кшталту афіцыйных міфаў:
«Сённяшняя афіцыйная беларуская ідэалогія сцвярджае, што момант, калі СССР заключыў саюз з нацысцкай Германіяй (пакт Молатава-Рыбентропа), нібыта пацвярджае антынацысцкі характар Беларусі. Гэта абсурд: немагчыма адначасова быць з саюзнікам Гітлера — і супраць Гітлера».
Гісторыя таксама не павінна страчваць этыку. Этыка даследчыка — шукаць праўду, нават калі яна складаная. Этыка людзей мінулага — частка гістарычнай праўды:
Большасць гісторый нацыі — не нацыянальныя
Снайдэр тлумачыць: тое, што прывяло да з’яўлення нацый, было не нацыянальным па сутнасці. Гэта былі імперыі, эканамічныя структуры, войны, рэакцыі на глабальныя тэндэнцыі.
Нацыя — прадукт таго, што адбывалася вакол яе: «Насамрэч гісторыя нацыі — гэта пераважна гісторыя ненацыянальных рэчаў».
Беларусь як месца сустрэчы цывілізацый
Снайдэр адзначае, што Беларусь — гэта рэгіён, дзе перасякаліся два старажытныя светапоглядныя гарызонты:
- антычная Грэцыя (VII—III стагоддзі да н.э.),
- свет вікінгаў (VII—X стагоддзі н.э.).
Гэтыя дзве традыцыі сутыкаліся праз гандаль і абмен у Паўднёвай і Паўночнай Беларусі. Менавіта тут перасякаліся гандлёвыя шляхі паміж грэкамі і скіфамі, а пазней — шляхі вікінгаў на ўсход.

У паўднёвых раёнах Беларусі археолагі знаходзяць скіфскія клінкі і грэчаскія манеты V—VII ст. да н.э. Гэта сведчыць, што Беларусь была часткай шырокай эканамічнай прасторы, якая злучала Паўднёвую Еўразію праз Чорнае мора з лясамі і балотамі Поўначы.
Снайдэр кажа: «Без гэтай вялікай эканамічнай зоны не было б Грэцыі. Але таксама не было б і Скіфіі ў тым выглядзе, як мы яе ўяўляем».
Гэта першы прыклад таго, што беларуская прастора не была ізаляванай — яна была часткай глабальнай гісторыі з самай глыбіні часу.
Дзвіна, вікінгі і нараджэнне скандынаўскай міфалогіі
Снайдэр працягвае: калі грэчаская цывілізацыя немагчымая без сувязяў з Поўначчу, дык скандынаўская міфалогія немагчымая без Усходу. Ён кажа, што галоўны гандлёвы і культурны шлях вікінгаў — так званы «ўсходні шлях» — праходзіў праз Паўночную Беларусь, па рацэ Дзвіна.
Вікінгі ішлі да арабскага срэбра, праходзячы праз тэрыторыі, населеныя фіна-вуграмі, балтамі і славянамі. Гэтыя землі былі не толькі транзітнымі, але і духоўна ўплывовымі:
«На гэтым шляху вікінгі ўвесь час кантактавалі з балцкімі, фінскімі і славянскімі плямёнамі. Яны былі не «этнічнымі шведамі» — яны былі змяшанымі караванамі, супольнасцямі, у якіх разам вандравалі балты, славяне, фіны, эстонцы. На гэтых маршрутах паўставалі новыя формы супрацы, гандлю, ідэнтычнасцяў».

Паводле Снайдэра, менавіта шматвяковы кантакт з гэтымі культурамі зрабіў вобраз Тора і Одына такім глыбокім і складаным.
Ён адзначае, што ў «Старэйшай Эдзе» — асноўнай крыніцы скандынаўскай міфалогіі — першая згаданая рака ў паэме пра Одына — гэта Дзвіна. Гэта сведчыць, што беларуская рака займала важнае месца ў геаграфіі скандынаўскіх уяўленняў пра свет.
Такім чынам, Беларусь становіцца ключавым месцам, дзе адбывалася пераўтварэнне простых вобразаў паганскіх багоў у складаную міфалагічную сістэму. А вобраз Одына, які ахвяруе сваё вока ў калодзеж, набывае новы сэнс, калі ведаць, што ў фінскай і балцкай традыцыі калодзеж або балота — месца сілы і духаў.
Гэтая частка Еўропы, паводле Снайдэра, не толькі геаграфічны мост, але і культурны інкубатар. Яна зрабіла ўнёсак у стварэнне таго, што сёння называюць «скандынаўскім» — ад паэзіі да супергерояў Marvel.
Спадчына Русі і Вялікае Княства Літоўскае
Пасля распаду Русі ў XIII стагоддзі (асабліва пасля мангольскага ўварвання 1241 года), яе спадчыну найбольш паслядоўна працягвае не Масква, а Вялікае Княства Літоўскае. Менавіта яно аб’ядноўвае большую частку тэрыторый Русі і прэтэндуе на яе культурную і прававую спадчыну.

Снайдэр падкрэслівае: у ВКЛ захоўваецца мова і прававыя традыцыі Русі. Мова судоў у Вільні — славянская. Законы пішуцца на славянскай мове. Шматлікія арыстакратычныя роды Русі захоўваюць маёмасць і ўплыў у межах ВКЛ.
На супрацьлегласць гэтаму, Маскоўская дзяржава фармуецца ў значна большай ступені пад уплывам Залатой Арды. Там улада пераходзіць да тых, хто лепш збірае даніну для хана. Адсюль — іншая мадэль дзяржавы і яе нелітвінская традыцыя.
ВКЛ таксама становіцца прасторай для ранняга развіцця габрэйскіх грамадаў, што адрознівае яго ад Масквы. Беларускае і ўкраінскае гарадское асяроддзе ў гэты перыяд фарміруецца як шматканфесійнае і шматнацыянальнае.
У 1569 годзе, калі ствараецца Рэч Паспалітая, адбываецца фармальнае аб’яднанне ВКЛ і Польшчы.
Снайдэр лічыць, што менавіта гэты момант становіцца пачаткам умоўнай мяжы паміж тым, што пазней будзе называцца Беларуссю і Украінай. Бо польскае права наўпрост уводзіцца ва Украіне, але не ў ВКЛ:
Вось тады, у 1569 годзе, адбываецца нешта вельмі цікавае: украінскія землі, землі ўсходу, пераходзяць непасрэдна пад польскую юрысдыкцыю, а беларускія землі, як і тэрыторыі Літвы, застаюцца пад уласнымі, асобнымі законамі.
Гэта значыць, менавіта тады, у гэтым годзе, праводзіцца мяжа, якой раней не было, мяжа паміж тым, што стане Беларуссю, і тым, што стане Украінай. Законы ВКЛ працягваюць дзейнічаць асобна, і беларуская шляхта захоўвае сваю прававую і культурную своеасаблівасць.
Нацыянальныя рухі і XIX стагоддзе
У XIX стагоддзі ў былых землях Рэчы Паспалітай (у тым ліку Беларусі) фармуюцца нацыянальныя рухі. Беларускі рух узнікае паралельна з польскім, літоўскім і ўкраінскім і сутыкаецца з тымі ж выклікамі: неабходнасцю адмовіцца ад як расійскай імперскай мадэлі, так і ад спадчыны шляхецкай рэспублікі, арыентаванай на эліты.

Снайдэр заўважае, што беларусы знаходзіліся ў менш спрыяльных умовах, чым суседзі. Іх тэрыторыя цалкам апынулася ў межах Расійскай імперыі, у адрозненне ад Польшчы ці Літвы, дзе частка насельніцтва жыла пад уладай больш ліберальных аўстрыйцаў ці прусаў. Гэта дало тым народам перавагу ў развіцці адукацыі, друку, палітыкі.
Пры гэтым беларуская нацыянальная ідэя не была выключальнай. У ёй улічвалася прысутнасць палякаў, габрэяў, літоўцаў. У адрозненне ад больш жорсткага адмаўлення Рэчы Паспалітай у Літве, беларускія дзеячы часта ўспрымалі яе спадчыну як частку сваёй гісторыі.
І хоць звычайна лічыцца, што падзел — гэта нешта адмоўнае, Снайдэр падкрэслівае парадаксальную выснову: для нацыянальнага адраджэння падзел мог быць перавагай. Бо калі народ падзелены паміж некалькімі дзяржавамі, заўжды ёсць магчымасць развіваць сваю культуру на тэрыторыі той часткі, дзе ўлады менш рэпрэсіўныя. У беларусаў жа такой «перавагі падзелу» не было.
У выніку на працягу як Рэчы Паспалітай, так і ўжо ў расійскі перыяд, польская культура заставалася дамінуючай сярод беларускай эліты. Гэта абумовіла адставанне нацыянальнага руху.
У ХХ стагоддзі сітуацыя ўскладнілася. Пасля Першай сусветнай вайны Беларусь падзялілі між сабою Польшча і Савецкі Саюз. Пры гэтым Польшча праводзіла жорсткую палітыку асіміляцыі і прыгнёту беларускай культуры — яшчэ больш жорсткую, чым у дачыненні да ўкраінскай.
Яшчэ адной стратэгічнай праблемай для беларускага нацыянальнага руху была страта Вільні. У адрозненне ад іншых нацыянальных праектаў, якія маглі абапірацца на буйныя культурныя цэнтры (Прагa для чэхаў, Будапешт для венграў, Варшава для палякаў), беларусы не мелі падобнага цэнтра. Вільня лічылася такім цэнтрам, але яна адышла Літве, што значна абмежавала магчымасці развіцця беларускага руху ў міжваенны і савецкі перыяды.
ХХ стагоддзе: вайна, гвалт і страта памяці
Снайдэр падкрэслівае, што Беларусь у ХХ стагоддзі стала адным з найбольш пацярпелых рэгіёнаў Еўропы. Яна апынулася пад уладай Саветаў, а затым пад акупацыяй нацыстаў. Менавіта тут адбываліся некаторыя з найбольш масавых знішчэнняў габрэяў — як у гарадах, так і ў лясах, як падчас знішчэння Мінскага гета.
Беларусь страціла значную частку інтэлігенцыі — спачатку ў 1930-я гады, калі Сталін знішчыў культурную эліту; потым у 1940-я, калі нацысты ліквідавалі адукаваную гарадскую праслойку; і пасля вайны, калі савецкі рэжым не дазволіў адраджэння нацыянальнай культуры.
Снайдэр адзначае, што ў Беларусі было некалькі магчымасцяў выбудоўваць сваю нацыянальную гісторыю — і ўсе яны былі перарваныя гвалтам:
«Савецкі Саюз становіцца саюзнікам нацысцкай Германіі ў 1939 годзе, што прыводзіць да таго, што нямецкая армія аказваецца літаральна на мяжы таго, што было Беларуссю, Савецкай Беларуссю. І калі пачынаецца нямецкае ўварванне, яно можа адразу ж пракаціцца праз Беларусь, якая становіцца асноўным маршрутам наступу.
Я не магу распавесці ўсю гісторыю акупацыі. Вы ўсе, я ўпэўнены, і так маеце ўяўленне, наколькі жудаснай яна была. Але калі казаць пра рэгіёны Савецкага Саюза — і нават пра Еўропу ўвогуле — Беларуская ССР мела найвышэйшыя паказчыкі стратаў сярод усіх, не толькі ў СССР, але і ва ўсёй Еўропе. І беларусы як народ, паводле даных савецкага перапісу, пацярпелі больш за ўсіх, акрамя габрэяў.
І Беларусь — гэта цэнтр злачынстваў, пра якія мы ведаем, і злачынстваў, пра якія мы, магчыма, яшчэ не ведаем. Гэта — цэнтр Халакосту. Гэта — цэнтр Халакосту, здзейсненага кулямі.
Гэта таксама — цэнтр галоднай смерці савецкіх ваеннапалонных, што значна менш вядома. І для тых, хто не з Беларусі, скажу: гэтак званыя антыпартызанскія аперацыі, якія праводзілі немцы, таксама былі сканцэнтраваныя ў Беларусі і прывялі да знішчэння безлічы беларускіх вёсак. Гэта былі асобныя ваенныя злачынствы самі па сабе. (…)
І, вядома, іронія ва ўсім гэтым у тым — і цяпер я пераходжу да таго, як мы думаем пра гісторыю і як сённяшні рэжым прапануе нам пра яе думаць, — што сённяшні рэжым прапануе ўспрымаць пакт Молатава-Рыбентропа і пачатак Другой сусветнай вайны як нешта добрае.
Сёння існуе афіцыйны Дзень народнага адзінства, прымеркаваны да 17 верасня. Але 17 верасня — гэта, вядома, дзень, калі Савецкі Саюз напаў на ўсходнюю Польшчу як саюзнік нацысцкай Германіі. Як саюзнік нацысцкай Германіі».
Пасля 1945 года савецкі наратыў замацаваў вобраз беларусаў як нацыі партызанаў. Гэта сапраўды важны і гераічны элемент, але ён не адлюстроўвае складанасці гісторыі. Напрыклад, у Беларусі не было адкрытага дыялогу пра Халакост, пра супрацу з акупацыйнымі рэжымамі, пра сталінскія рэпрэсіі.
Усё гэта зрабіла гістарычную памяць вельмі ўразлівай. І цяпер, паводле Снайдэра, аўтарытарны рэжым спрабуе замяніць складаную гісторыю на адзіную, стэрыльную ідэю: «мы былі ахвярамі, мы змагаліся, і таму ніякіх пытанняў быць не павінна».
Чаму гісторыя Беларусі важная сёння
У завяршэнні сваёй лекцыі Снайдэр сцвярджае: разумець гісторыю Беларусі — значыць разумець саму ідэю Еўропы. Беларусь — гэта выпрабаванне для еўрапейскай памяці, палітыкі і каштоўнасцяў.

Ён адзначае, што беларусы паказалі прыклад грамадзянскай мужнасці падчас пратэстаў 2020 года. Людзі выйшлі не дзеля геапалітыкі, а дзеля годнасці, праўды і свабоды.
І менавіта гісторыя можа падтрымаць гэты рух, калі яе не замоўчваюць і не скажаюць: «Свабода пачынаецца з гісторыі. Без уласнай гісторыі няма ідэнтычнасці, а без ідэнтычнасці няма супраціву».
Снайдэр заклікае глядзець на Беларусь не як на «задні двор Расіі», а як на цэнтральнае месца еўрапейскага досведу.
Гісторыя Беларусі — гэта гісторыя імперый і супраціву, складанасці і шматкультурнасці, а таксама гісторыя магчымасцяў, якія яшчэ не рэалізаваныя.
Ён завяршае: «Калі мы разумеем Беларусь — мы лепш разумеем і сябе. Бо гісторыя — гэта заўсёды пра нас».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное