«Рэсурс зла, якое процістаіць беларусам, перавышае цяперашнія магчымасці нашага грамадства»
У беларускай медыйнай прасторы часцяком гучыць патрабаванне прааналізаваць «памылкі 2020-га». Маўляў, пяць год ужо прайшло, але ніхто так гэтага і не зрабіў.
16 жніўня, 2020
Па адной гэтай фармулёўцы ўжо зразумела, што памылкі былі. То бок, удзельнікамі падзей былі прынятыя няслушныя рашэнні, праз што не быў дасягнуты жаданы вынік – змена палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Але рэжым не знік. Ён яшчэ й нанёс моцны ўдар па грамадству, вывеўшы рэпрэсіі на новы ўзровень, выціснуўшы з краіны гіганцкую колькасць людзей і закатаўшы пад асфальт амаль любую актыўнасць, калі яна толькі не ініцыявана самімі ўладамі.
Дык чаму б, сапраўды, не паспрабаваць прааналізаваць гэтыя памылкі, каб у далейшым пазбегнуць іх паўтору і дасягнуць, нарэшце, жаданага эфекту?
Гаворка ідзе пра тое, што дэмакратычныя сілы Беларусі ў 2020-м абралі не тыя шляхі і не здолелі скарыстацца спрыяльнай сітуацыяй. Праўда, існуюць і такія меркаванні, што сітуацыя не была спрыяльнай сама па сабе. Што памылкай быў сам удзел ў элекцыйнай кампаніі, пачынаючы ад утварэння ініцыятыўных групаў і завяршаючы масавымі пратэстамі. Прыхільнікі гэтай пазіцыі настойвалі, што ўсю гэтую кампанію, арганізаваную рэжымам, трэ было байкатаваць.
Але ў 2020-м справа была не ў дыскусіях палітыкаў і аналітыкаў вакол пытання ўдзелу/не ўдзелу. Пазіцыя беларускага грамадства была адназначнай: удзел.
Супярэчнасці паміж рэжымам і грамадствам, якія выспявалі гадамі, дайшлі да той кропкі, калі шмат беларусаў былі гатовыя да актыўных дзеянняў дзеля перамен у сваім жыцці. Заклікі «сядзець ціха» не маглі спыніць людзей.
Больш за тое, пасланне Ціханоўскай, якое канцэнтравалася на тэме свабодных справядлівых выбараў, надзвычай дакладна трапіла ў чаканні многіх беларусаў. Менавіта актыўны ўдзел у кампаніі, а не ігнараванне, мабілізаваў людзей і падчас збору подпісаў, і падчас агітацыйнай кампаніі, і падчас пратэстаў супраць фальсіфікацый. І менавіта гэта ўсё разам дазволіла і самім беларусам, і свету пераканацца ў тым, што большасць нашага грамадства – супраць дыктатуры.
Але, кажуць іншыя, увесь гэты парыў на перамены быў страчаны дарэмна. Бо аўтарытарныя рэжымы, маўляў, зрынаюцца толькі праз сілавы чын.
Хоць аргументаў супраць выбару такой формы супраціву было выказана ўжо шмат, дыскусія на гэтую тэму ўсё роўна перыядычна ўзнікае – з пагрозай спроб ажыццяўлення ў будучыні. Прыклады з сусветнай гісторыі дэманструюць адназначна: пераход да гвалту з высачэзнай ступенню імавернасці пагрузіць нацыю ва ўнутраны канфлікт на доўгія гады. Як тое адбылося ў Лівіі, у Сірыі, у М’янме. Вынікі: сотні тысяч ахвяр пры вельмі цмяных перспектывах. Ці гэтага жадае беларускае грамадства?
Больш за тое, паводзіны рэжыму пад час пратэстаў 2020-га сведчаць, што менавіта да такога сцэнару ён рыхтаваўся маральна і матэрыяльна. Гэта перавяло б супрацьстаянне ў тую сфэру, дзе рэжым адчувае сябе куды больш упэўнена, чым грамадства.
Акрамя таго, пераход да ўзброенай барацьбы адразу пазбаўляў пратэст маральнай перавагі й падтрымкі міжнароднай супольнасці, затое даваў аргумент у апраўданне самых жорсткіх дзеянняў рэжыму. Куды больш жорсткіх, чым гэта было ў адказ на мірныя пратэсты. Лічбы ахвяраў і зняволеных былі б на некалькі парадкаў вышэй. А вось голас дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне быў бы значна цішэйшым.
Мірная форма пратэсту была выбарам не палітычных лідэраў, а грамадства. Хутчэй, нават, – кансалідаванай пазіцыяй. Што дае падставы для аптымізму і лічыцца памылкай у аніякім разе ня можа.
Ну, ок, калі памылак не было, дык чаму ж тады не быў дасягнуты жаданы вынік?
Магчыма, менавіта памылковыя ацэнкі не дазваляюць нам зразумець да канца, што адбылося тады, дзе мы знаходзімся, куды ідзем, і як на гэтым шляху не зрабіць няслушны выбар.
Адной з самых распаўсюджаных памылак з’яўляецца спроба прадставіць падзеі 2020-га як процістаянне рэжыма Лукашэнкі і «новай палітычнай эліты» на чале са Святланай Ціханоўскай. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі імкнуцца ігнараваць такі фактар, як пазіцыі беларускага грамадства, якое для іх працягвае заставацца аб’ектам палітыкі, а не субъектам.
Такое меркаванне абвяргаецца самімі падзеямі 2020-га. Беларусы адчулі сябе нацыяй, здольнай на ўчынак, здольнай на салідарнасць і самаарганізацыю. Яны атрымалі здольнасць казаць «не» уладзе. І, урэшце, яны ўбачылі, што тыя, хто супраць дыктатуры, утвараюць большасць грамадства. А гэта – адна з ключавых умоваў падзення аўтарытарнага рэжыму.
Чаму ж тады не адбылося галоўнага – падзення рэжыму? Масавыя пратэсты ўплываюць, перш за ўсё, на кіруючыя эліты, перад якімі паўстае пытанне: якія перспектывы іх чакаюць ва ўмовах такога ўзроўню незадаволенасці? Наколькі апраўданай для іх будзе далейшая падтрымка старога рэжыму, які ня можа даць рады праблемам дзяржавы, і ці не атрымаюць яны больш пераваг, перайшоўшы на бок пратэстоўцаў?
Найбольш востра гэтыя пытанні паўстаюць перад прадстаўнікамі паліцыі і арміі, бо менавіта яны апынуцца на вастрыні супрацьстаяння з перспектывамі адказнасці «за злачынствы перад народам». І менавіта абраная імі пазіцыя з’яўляецца вырашальнай, калі на вуліцы выходзіць вялікая маса людзей.
Гэта справядліва, калі асноўнымі фактарамі выступаюць рэсурс пратэстоўцаў і рэсурс старога рэжыму. Але ў Беларусі было ня так.
Масавасць пратэстаў, сапраўды, выклікала ваганні сярод чыноўнікаў розных узроўняў. А гэта ўтварала сур’ёзную рызыку змены палітычнага рэжыму ў Беларусі. І тады ў справу ўмяшалася Расія, якая магла згубіць свой самы надзейны фарпост у справе аднаўлення імперыі.
У Маскве цудоўна разумелі, што аніякая іншая фігура не будзе настолькі надзейным саюзнікам для яе, як Лукашэнка. Тым больш, у святле будучага вострага процістаяння з Захадам.
І тады Расія прадэманстравала, на чыім яна баку. Што дазволіла беларускім сілавікам і чыноўнікам зразумець: калі яны далучацца да пратэстоўцаў, расійскі рэсурс абрынецца на іхнія галовы ў выглядзе «Расгвардыі», а калі спатрэбіцца, і танкаў.
Гэта быў моцны аргумент. Рэсурс Расіі на той момант пераўзыходзіў рэсурс беларускага грамадства. Ваяваць супраць яго было і бессэнсоўна, і смяротна небяспечна.
То бок, беларусам процістаяў не рэсурс Лукашэнкі, а рэсурс Расіі, які дазволіў захаваць лаяльнасць эліт і задушыць пратэсты. І пытанне тут не ў памылках, а ў тым, што рэсурс зла, якое процістаіць беларусам, перавышае моц і цяперашнія магчымасці нашага грамадства.
Але пры гэтым няма аніякіх надзейных прыкмет, што беларускае грамадства «перагарнула старонку» і прымірылася з далейшым існаваннем дыктатуры. Адсюль – галоўная памылка датычна падзеяў 2020-га: лічыць, што дэмакратычныя сілы праігралі. Трэба толькі прызнаць, што ў кантэксце процістаяння імперскім памкненням Расіі на тое, каб рэжым канчаткова ліквідаваць, патрэбен пэўны час і канцэнтрацыя ўсіх рэсурсаў – ня толькі беларускіх – дзеля супольнай перамогі.