«Пазнаёмілася з турэцкім вайскоўцам праз інтэрнэт. Праз месяц разам сядзелі над асманска-беларускім слоўнікам Сокалава-Воюша»

Пра беларускае ў Турэччыне, знаёмства з Пласіда Дамінга і сваё каханне «Салідарнасці» распавяла музыка і спявачка Таццяна Грыневіч.

— Мо пачну з незвычайных момантаў. Нядаўна ўбачыла ў фэйсбуку абмеркаванне пра інтэрнэтных махляроў, якія, прыкрываючыся прыгожымі фоткамі, робяць сваю нядобрую справу. І на розум прыйшло тое, што адразу і пра Сабры я падумала: гэта штосьці з той жа серыі... Бо фоткі былі ўсе такія, як на падбор: вайсковец на баявых заданнях...

Але аказалася, што Сабры – вельмі прыстойны чалавек, і ўжо праз месяц знаёмства мы з ім анлайн сядзелі ўдвох над асманска-беларускім слоўнікам Сяржука Сокалава-Воюша.

— То бок шмат дзяўчын аферысты праз інтэрнэт разводзяць, а вы з яго дапамогай знайшлі свой лёс?

— Так і ёсць.  Па размове ж адразу бачна, які перад табой чалавек. Сабры пісаў без наступу, вельмі культурна і на добрыя тэмы. Размаўлялі па-турэцку, я яшчэ да нашага знаёмства пачала вучыць турэцкую мову.

— Як зразумела па вашых допісах у фэйсбуку, Сабры ўратаваў вас ад рэпрэсій 2020-га, паклікаўшы да сябе...

— Так, пасля ўсіх сітуацый, якія адбываліся ў 2020-м, Сабры забраў мяне ў Стамбул. Калі я толькі прыехала, думала, што праз пару месяцаў вярнуся ў Мінск, бо адразу быў набыты квіток туды і назад. Але мама сказала: «Не едзь».

А праз тры месяцы мамы не стала. І тата сказаў не ехаць на пахаванне, бо мама так казала. Таму я не паехала і дасюль тут застаюся. Душэўны боль і слёзы ўвесь час. Нібыта і хочацца дадому, да таты, і на магілку да мамы. Але разумееш, што там ужо нічога з ранейшага жыцця не засталося.

Канешне, калісьці мы вернемся. Але зараз разумею, што гэта небяспечна, і што там для мяне зараз адна вялікая пустэча.    

12 гадоў я спявала ў Філармоніі ў камерным хоры, разам з капэлай «На Таку» і клубам «Сіта» адраджалі беларускі народны танец (у капэле я грала на скрыпцы і трубе), аб’ехалі багата беларускіх школ з выступамі, несучы любоў да беларускага слова і песні.

Да 2020-га я зрабіла 15 дыскаў. Гэта былі і 2 дзіцячыя альбомы, якія мы зрабілі з дударом Зміцерам Сідаровічам і нашымі дзецьмі, а ўжо для трэцяга дзіцячага альбома аранжыроўкі рабіў мой падросшы сын.

Два дыскі запісалі з паэтам і выбітным спеваком Сяржуком Сокалавым-Воюшам (ягоныя песні і пераклады). Тры дапаможнікі для школы — вершы якія вучацца на памяць, вершы, якія выразна чытаюцца, і галасы паэтаў (60 галасоў на адным носьбіце). А яшчэ атрымаўся дапаможнік па беларускіх народных танцах.

«Суседзі раптам пачалі скардзіцца, і аднойчы да нас прыйшла паліцыя»

— І вось у 2020-м, з вельмі актыўнага жыцця, я прыязджаю ў Стамбул і... тут нічога няма. У дадатак кавід, каранцін, на вуліцу выходзіць нельга.

У Сабры была гітара, набылі скрыпку, а потым і піяніна. Я займалася дома, але суседзі раптам пачалі скардзіцца, і аднойчы да нас прыйшла паліцыя. Сказалі што сцены тонкія, таму дома спяваць нельга.

І я такая ў роспачы: «Сабры, што будзем рабіць?» На што ён прапанаваў схадзіць у культурніцкі цэнтр, кшталту нашага дома культуры.

Разумееце, што будзе, калі ў нас у Беларусі нейкі замежнік прыйдзе і скажа: «Дайце мне клас, хачу спяваць»? Але мне далі, і я кожны дзень, акрамя выходных, ужо 5 год там займаюся. 

— Ці быў у вас сумнеў: ехаць да кавалера ў Стамбул ці, як большасць, у Варшаву ці Вільню?

— Сабры прыяжджаў да мяне ў Беларусь яшчэ да 2020-га. Ён прыехаў, і я зразумела, што такіх мужчын яшчэ не бачыла. Ажно цэлы гардэроб мне прывёз: ад летняга да зімовага.

Акінуў вокам маю новую кватэру, склаў спіс, чаго няма, набыў неабходнае ў будаўнічым гіпермаркеце і сваімі рукамі ўсё прыладзіў. Падправіў, падкруціў, яшчэ і да маёй мамы прыехаўшы, таксама ўсё адрамантаваў.

Насамрэч не важна ў якім горадзе жыць. Важна, што ў цябе ў сэрцы, а ў маім сэрцы – Беларусь.

Як знаходзіла сабе занятак на Радзіме, так знаходжу яго і на чужыне. І Сабры хоць і турэцкі вайсковец, але па-сутнасці падтрымлівае ўсё, што я раблю тут для Беларусі. Ён — частка гэтай справы. Ён той, хто зараз трымае тэхнічнае абсталяванне маёй міні-студыі і мой дух.

«Ні з кім не бачыцца, ні з кім не размаўляць. Але дамовіліся, што з беларусамі можна»

— Але ж у туркаў іншы менталітэт, рэлігія. Як там з правамі жанчыны?

— Гэта было: ні з кім не сустракацца, ні з кім не размаўляць. Адзінае дамовіліся, што са сваімі, беларусамі, гэта мажліва. Быў незадаволены, але дазволіў і ўжо прызвычаіўся. Бо прыяжджаў і Маляваныч, і Іван Кірчук, і іншыя беларусы.

Але ж прыняць беларускага мужчыну да нас у кватэру ў госці — гэта сітуацыя проста непераадольная. Кажа, што калі будзем жыць у Беларусі — можа што і зменіцца, але тут так.

Першы час, калі плакала, Сабры прапаноўваў купіць мне квіток у Беларусь, не разумеючы ў чым праблема: «Ты ж толькі на скрыпцы грала ды спявала...» Зараз ужо ўсё ведае.

Слёзы ў мяне часам бываюць нібыта і на пустым месцы, але яны маюць глыбокія прычыны. Яшчэ доўгі час будуць аплаквацца не толькі мной, а і ўсімі беларусамі Вітольд  Ашурак і Алесь Пушкін, з якімі не адзін раз танчылі і ўрэшце сябравалі.

З Сабры мы размаўляем дома на беларуска-турэцкай трасянцы. Таму часам нават не адчуваю, што я ў Турэччыне.

Але калі чую толькі турэцкую мову ад сяброў Сабры, ці ад супрацоўнікаў культурнага цэнтра, у мяне часам бываюць незразумелыя думкі: «Што я тут раблю?» У сэнсе як я апынулася ў чужой краіне?

«Я цэлы год збіраю лупінне цыбулі, а яйкі на Вялікдзень фарбуе ўжо Сабры»

У Сафійскім саборы

— Што тычыцца розніцы рэлігій, то Сабры мусульманін, а я каталік. На каталіцкае Раство ён ходзіць са мной у касцёл, французскі. Сядзіць усю службу. Часам ходзіць у мячэць. Яго сям’я жыве без рэлігійнага фанатызма, таму мяне, каталічку, прымаюць без праблем.

А яшчэ я цэлы год збіраю лупенне цыбулі, а яйкі на Вялікдзень фарбуе ўжо Сабры, бо ягоная мама калісьці таксама фарбавала. У некаторых туркаў гэта было ў традыцыі , відаць, ад паганскіх часоў.

—  У вас пасля эміграцыі ў Турэччыну былі ўжо гастролі па Амерыцы і Польшчы...

— То так, са Стамбула Сабры мне па два разы набываў квіткі ды страхоўкі ў Польшчу і Амэрыку. І папярэдне замаўляў вегетарыянскую ежу ў самалёт. Мае туры доўжыліся каля месяца і былі насычаны творчымі сустрэчамі з беларусамі.

Раней у Беларусі ўсе мае выступы былі пад гітару, але тут, у Стамбуле, я вярнулася да свайго першага інструмента, падрыхтаваўшы багатую праграму беларускіх песень пад піяніна. І ў падзяку Турэччыне — 30 турэцкіх песень.

Узгадала яшчэ адзін смешны момант. Калі даўней ездзіла з гастролямі ў Амерыку, то неяк брала ўрокі вакалу ў італьянскага опернага спевака, які працаваў у Метрапалітэн Опера. А ў той жа час там Пласіда Дамінга ставіў оперу «Тоска». На рэпетыцыі мы з ім пазнаёміліся, ён добра адгукаўся аб нашых музыкантах, як даведаўся што я з Беларусі.

А праз некалькі дзён ў кавярні Метраполітэн Опера адчуваю, што мяне хтосьці кранае за бок. Паварочваюся, а каля мяне ўжо нікога няма, і толькі Пласіда Дамінга стаіць на выхадзе каля дзвярэй, глядзіць на мяне і усміхаецца. Італьянскі ў мяне на той момант быў слабаваты, але ўсё ж кампліментамі мы абмяняцца здолелі.

Яшчэ ў Стамбуле я цэлы год рыхтую да ўступнага іспыту адну турэцкую дзяўчыну, якая ў 25 гадоў вырашыла распачаць займацца музыкай. Але з дысцыплінай у іх тут ўсё нашмат вальней, чым у нас, таму працэс навучання праходзіць вельмі складана, бо не маюць яны ўседлівасці.

Я ж сябе памятаю, як займалася на фартэпіяна па пяць гадзін, і па столькі ж спевамі. У 16 гадоў мне ўсе настаўнікі, як адзін, сказалі, што я ніколі не буду спявачкай, што ў мяне няма належнага голасу. Тады я прыехала да мамы і плакала: «Сэнсу няма жыць».

Але хутка прыйшла ў сябе і вырашыла, што ніхто мне не ўказ, тупнула ножкай і сказала: «Буду!» Таму і займалася гадзінамі, гадамі. 31 год паклала на гэтую справу і ўсё ж урэшце дасягнула жаданага выніку.

Зараз я запісваю харавыя беларускія песні, сама спяваю на ўсе галасы. Два разы прыязджаў да мяне сын з Польшчы, то і ён далучаўся да гэтай працы, спяваючы мужчынскія галасы.

Мы разам з сынам зрабілі кнігу песень «Гэй ты, братка Новы Годзе», у якую ўвайшлі 15 вершаў беларускіх паэтаў. Да іх я напісала музыку, а сын зрабіў аранжыроўкі.

Насамрэч нашы працы вельмі разнастайныя. На нашым ютуб-канале можна знайсці музыку на любы густ і нават караоке, бо мне заўжды было важна, каб людзі спявалі таксама і самі, каб ведалі сваё.

«Вельмі захацелася прайсціся ўздоўж Чорнага мора ад Стамбула да Грузіі»

— Што самае складанае ў эміграцыі? Ці было нешта падобнае да таго моманту, калі вы прыйшлі да маці і сказалі, што няма сэнсу жыць?

— Увесь час пасля 2020-га, здаецца, такі перыяд. Часта бываюць такія думкі, калі не разумееш перспектыву і што наогул далей. Нібыта ты яшчэ ёсць, яшчэ ствараеш нешта важнае — а цябе нібы і няма. Ты робіш ютуб-канал, выдаеш, спяваеш і — цішыня.

І ўсё адно я працягваю. Бо ёсць людзі, якія ратуюцца маімі песнямі. Гэта не дазваляе мне апусціць рукі.  Ну і канешне сэнс — сын і Сабры.

А яшчэ мы з Сабры пачалі хадзіць у пешыя вандроўкі. Пасля таго, як я зацікавілася мапай Турэччыны, мне вельмі захацелася прайсціся ўздоўж Чорнага мора ад Стамбула да Грузіі. Вось ужо чацвёрты год  ідзем невялікімі адлегласцямі, па 20-30 кілометраў у дзень. То на дзень, то на два дні выходзім, як час дазваляе. Мо год за 10 дойдзем (смяецца).

— Што адказваеце тым, хто лічыць, што вось «знайшла сабе алігарха і жыве, прыпяваючы, ў Турэччыне»?

— Так мяне яшчэ ніхто не пытаў. А калі б і запыталі, то адказала б, што Сабры ніякі не алігарх, а вайсковец, праўда, незвычайны, сапраўдны марскі коцік. Ён вельмі круты, але фінансы спяваюць рамансы, як той казаў. Нягледзячы на гэта мы спраўляемся. Я не магу ў Турэччыне працаваць і зарабляць, таму ён усю фінансавую адказнасць узяў на сябе.

Сабры — у перакладзе цярпенне. То ён вельмі цярплівы і ва ўсім мне дапамагае. Гэта як падарунак лёсу.

«Лічу, што трэба гаварыць пра беларускі Стамбул, што тут былі і зараз ёсць беларусы»

— Я стараюся ў Стамбуле знайсці нешта наша, беларускае. Тут ёсць музей Адама Міцкевіча. Бо ён прыехаў каб дамаўляцца з турэцкім султанам, зрабіць войска і пайсці ваяваць з Расеяй. Але ў дарозе захварэў і, ўладкаваўшыся ў новай хаце, у ёй і памёр. Яго цела два месяцы захоўвалі ў Стамбуле, пакуль шукалі сродкі, каб перавезці.

Дом, дзе спыняўся і памёр Міцкевіч, быў драўляны і аднойчы згарэў. На тым жа месцы па тых жа канструкцыях дом адбудавалі наноў. І ў гэтым трохпавярховым доме зараз музей, а ў падвальным памяшканні надмагілле, дзе напісана, што тут два месяцы быў пахаваны Адам Міцкевіч.

Яшчэ ў Стамбуле жыла Саламея Русецкая, першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарка. Яна выйшла замуж за лекара Якуба Гальпіра, ад яго і навучылася лекарскай справе. Лекавала жанчын з гарэма султана, бо мужчын туды не пускалі. Пасля яна апісала усе прыгоды ў сваіх успамінах, і гэта вельмі цікава.

Каля паўгода ў Стамбуле жыў Міхал Агінскі, пад імем Жан Рыдэль, бо прыехаў у Стамбул як французскі агент. Меў кантакт з французскай амбасадай і жыў у раёне Галацкай вежы. Ад яе ўніз да Басфора прасціраліся могілкі Кампо дэй Морці. Агінскі ў сваіх дзённіках пісаў, што кожны дзень выходзіў туды гуляць, піць каву, размаўляць з мінакамі. Гэтых могілак ужо няма, у пачатку XX стагоддзя іх перанеслі ў іншае месца і забудавалі жылы раён.

Агінскі прыехаў у Стамбул пасля Польскага паўстання 1830-1831-х, якое не атрымалася, кантактаваў з дыпламатамі Францыі і Турцыі, чакаў, калі дадуць падтрымку Рэчы Паспалітай, каб пайсці ваяваць з Расеяй, адстойваючы сваю незалежнасць. 

У той жа час пасля паўстання было шмат такіх жа бежанцаў, як і мы, яны таксама стараліся гуртавацца разам, туляліся, як і мы, цяжкае наша  эмігранцкае жыццё...

Тады Адам Чартарыйскі (змагар за незалежнасць Польшчы — С.) паслаў сюды Міхала Чайкоўскага з грашыма, і ён набыў каля Стамбула кавалак зямлі, на якім паўстанцы (200 сямей) мелі мажлівасць пабудаваць дамы і весці гаспадарку. Зараз тая мясціна ўжо адзін з раёнаў Стамбула, называецца Паланэз кёй ці Адам Поль.

Як я першы раз прыехала ў Стамбул, Сабры мяне туды павёз, бо таксама адчуў гістарычную сувязь гэтага месца з Беларуссю. Там і касцёл, і вуліца Міцкевіча, каталіцкія могілкі, кавярня «Крыга», музей цёці Зосі. Мая душа заўжды туды цягнецца.

Лічу, што трэба гаварыць пра беларускі Стамбул, што тут былі і зараз ёсць беларусы.

Калі чалавек прыходзіць у чужую краіну, ён часта губляе глебу пад нагамі. Але для мяне гэтая глеба заўжды была ў сэрцы.

Я прывезла з сабой сваю мову, песню, боль і надзею. Я веру, што нават калі ты адзін, і калі здаецца, што цябе ніхто не чуе — усё роўна твой голас патрэбны. Бо ён нагадвае іншым пра тое, што мы ёсць. І што мы вартыя быць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)