Общество

Наталля Васілевіч: «У Беларусі не чытаецца малітва за святую Русь, якая просіць перамогі расейскім войскам»

Тэалагіня — пра візіт кіраўніка расейскай праваслаўнай царквы ў Мінск.

4 чэрвеня ў Беларусь прыехаў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл, які бярэ ўдзел у сьвяткаваньні 900-годзьдзя з дня заснаваньня Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра ў Полацку.

Радыё Свабода пагаварыла з тэалягіняй, прадстаўніцай аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальляй Васілевіч пра тое, чаму зьмяншаецца колькасьць праваслаўных прыходаў у Беларусі, пра палітычныя рэпрэсіі супраць сьвятароў, пра пазыцыю беларускіх праваслаўных ярархаў у вайне Расеі супраць Украіны.

«Беларусь — бясьпечнае месца, куды патрыярх можа спакойна, безь якіх-небудзь эксцэсаў, ехаць»

— Пачнем зь візыту патрыярха Кірыла. Кірыл раней двойчы быў у Беларусі — у 2012 і 2018 гадах. У 2018-м ён назваў Беларусь часткаю «нашай зямлі»: «Белая Русь — гэта асаблівая частка гістарычнай Русі. Тут з глыбокай старажытнасьці цёплы агонь праваслаўнай веры. Таму Белая Русь зьвязаная з самымі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі».

Паводле вашай ацэнкі, які мэты гэтага візыту, акрамя заяўленых урачыстасьцяў у Полацку?

— Гэта звычайны візыт кіраўніка рэлігійнай арганізацыі ў нейкую іншую краіну. Патрыярх Кірыл цяпер у такой ізаляцыі, што і паехаць асабліва няма куды, таму Беларусь — гэта такое бясьпечнае замежжа.

Адначасова і замежжа, і не замежжа, куды патрыярх можа спакойна, безь якіх-небудзь эксцэсаў, ехаць. Ніхто ня будзе пратэставаць супраць ягонага прыезду, ніхто ня будзе крычаць «Кірыл — забойца» або «Далоў расейскую праваслаўную царкву».

То бок Беларусь — такое бясьпечнае месца, дзе можна пабыць, заадно паглядзець на япіскапаў, праверыць, як яны — слухаюцца ці ня слухаюцца, выслухаць камплімэнты на свой адрас. На мой погляд, гэты візыт менавіта такога кшталту.

— Ці 900-годзьдзе жаночага манастыра ў Полацку сапраўды істотная падзея ў праваслаўным сьвеце?

— Як усякі юбілей. Зараз штогод адбываецца вельмі шмат розных юбілеяў, угодкаў манастыроў, кананізацыі нейкіх сьвятых ці нейкіх сабораў. Таму гэта ўрачыстая нагода кудысьці паехаць, дзесьці пабыць.

Я думаю, што для Полацкага манастыра гэта важна. Для япіскапаў Полацку важна, бо гэта падвышае статус, нагадвае пра гэтае сьвятое месца. І проста нагода прыняць высокага госьця — гэта заўсёды магчымасьць пэўным чынам пра сябе заявіць, сябе паказаць.

Таму, безумоўна, 900-годзьдзе тут мае значэньне. Беларусь гэтым паказвае, што праваслаўная вера, хрысьціянства, манаскае жыцьцё на нашай зямлі маюць такую старажытную гісторыю.

«Беларуская праваслаўная царква больш уцягнутая ў мерапрыемствы ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі, менш у падтрымку расейскай агрэсіі»

— Патрыярх Кірыл адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Летась удзельнікі «расейскага народнага сабору» пад ягоным старшынствам назвалі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «сьвяшчэннай вайной», падчас якой Масква абараняе сьвет ад «захаду, які запаў у сатанізм». Як бы вы ацанілі стаўленьне беларускіх праваслаўных сьвятароў і ярархаў да вайны ва Ўкраіне? Найгучнейшыя тут галасы са Сьвята-Лізавецінскага манастыра, сьвятара Лемяшонка і матушкі Гаўрыілы. Але якая агульная карціна?

— Карціна ў Беларусі не падобная на расейскую. Мы бачым, што беларускія ярархі паводзяць сябе больш стрымана. Ня ўсе: ёсьць архіяпіскап Гурый (Наваградзкі), які вельмі шмат выступае з тэорыямі змовы, ён такі сябар матушкі Гаўрыілы.

Яны абое прыкладна ў адну дудку дзьмуць. Зь іншага боку, мы бачым, што няма такога перасьледу сьвятароў унутры царквы, які ёсьць у РПЦ унутры Расеі. Няма такіх гучных акцыяў, няма збору грошай на дапамогу арміі, няма гэтай прапаганды. Усё ж, мне здаецца, беларуская праваслаўная царква даволі стрыманая.

Я ня ведаю, ці гэта з уласных перакананьняў ці праз палітыку рэжыму Лукашэнкі, які адначасова як бы і падтрымлівае расейскую агрэсію, але пры гэтым спрабуе захаваць вобраз нэўтралітэту.

Для мяне, для «Хрысьціянскай візіі», якая займаецца маніторынгам, відавочна, што Беларуская праваслаўная царква больш уцягнутая ў нейкія захады, зьвязаныя з беларускай палітычнай сыстэмай, у падтрымку рэжыму Лукашэнкі, менш у падтрымку расейскай агрэсіі.

У Беларусі падтрымка расейскай агрэсіі канцэнтруецца ў некалькіх цэнтрах. Першы цэнтар — Сьвята-Лізавецінскі манастыр, манастыр матушкі Гаўрыілы і некалькі іншых месцаў, дзе гэтая падтрымка адбываецца праз дробязі.

Але ў цэлым зь ніводнага боку няма гучных галасоў супраць гэтай вайны, аднак няма і поўнамаштабнай прапагандысцкай працы ў яе падтрымку.

Яшчэ хачу нагадаць, што ў Беларусі не чытаецца малітва за сьвятую Русь, якая просіць перамогі расейскім войскам. У Беларусі выкарыстоўваецца іншая рэдакцыя гэтай малітвы, дзе няма наўпрост закліку да Бога, каб той паспрыяў расейскай агрэсіі.

У РПЦ ў самой Расеі сьвятароў, якія не чытаюць гэтую малітву альбо неяк яе мадыфікуюць, пазбаўляюць сану. Да іх ужываюць вельмі жорсткія меры, але для беларускіх япіскапаў і сьвятароў такіх мераў няма.

«Увесь сьвет зьмяніўся, а папа дагэтуль не прыехаў у Беларусь»

— Ці можна гаварыць пра магчымасьць візыту ў Беларусь новага папы Рымскага, ці пазыцыя расейскай праваслаўнай царквы застаецца нязьменнай, нягледзячы на зьмену пэрсаналіяў?

— Мне здаецца, што Лукашэнка паспрабуе з патрыярхам пагаварыць на гэтую тэму, каб улагодзіць пытаньне прыезду папы. Ён вельмі зацікаўлены ў гэтай падзеі. Але я думаю, што ў першую чаргу папа будзе арыентавацца на пазыцыю патрыярха Кірыла, на пазыцыю кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы, і калі гэта будзе насуперак жаданьню таго кіраўніцтва, ён ня будзе разглядаць нават магчымасьць прыезду.

Але, магчыма, Лукашэнка неяк зможа дамовіцца з патрыярхам, калі ён сапраўды вельмі моцна зацікаўлены ў такім прыезьдзе.

Можна чакаць прыезду калі ня папы Рымскага, то іншых высокіх гасьцей з Ватыкану. Падобныя прэцэдэнты ў гісторыі Беларусі ўжо былі — у 2008 годзе краіну на запрашэньне Лукашэнкі наведваў дзяржаўны сакратар Сьвятога Пасаду кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

У 2014 годзе, калі ў Беларусі адбываўся чарговы раўнд праваслаўна-каталіцкага дыялогу, у Менск прыехала цэлая вялікая дэлегацыя праваслаўных і каталіцкіх біскупаў.

«Хрысьціянская візія» апублікавала пераклад успамінаў першага нунцыя ў Беларусі Дамініка Грушоўскага пра тое, як адбываліся перамовы аб прыезьдзе папы Рымскага. Гэтая ўнутраная кухня рэдка выходзіць на паверхню.

І мы даведваемся, што калі Грушоўскі спусьціўся з трапа самалёта, прыляцеўшы ў Беларусь як першы нунцый, першая ідэя, якую ён пачуў, была — «мы хочам прыезду папы». Тады яшчэ папам быў Ян Павал II.

Ужо чатыры папы зьмянілася з таго часу, прыезд дагэтуль не адбыўся. Грушоўскі апавядае, што ўмовай прыезду быў дазвол кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы. Тады быў патрыярх Алексій II, мітрапалітам Менскім быў Філарэт. Бачыце, усё зьмянілася, увесь сьвет зьмяніўся, а папа дагэтуль не прыехаў. Відаць, ёсьць перашкоды для гэтага.

«Людзей істотна адхіліла ад царквы тое, што Расейская праваслаўная царква падтрымала вайну»

— Праваслаўная царква мае ў Беларусі асаблівы статус — вышэйшы, чым у іншых. Тым ня менш колькасьць праваслаўных прыходаў зьмяншаецца. З чым гэта зьвязана?

— Тут ёсьць некалькі фактараў. Першы фактар — перарэгістрацыя, якая цяпер адбываецца паводле новага закону. Нязначная частка прыходаў, асабліва маленькіх, у вёсках, ня змогуць прайсьці перарэгістрацыю, бо няма ўжо тых прыхаджан, якія некалі рэгістравалі гэтыя рэлігійныя супольнасьці.

Людзі ў вёсках старэюць, вёскі фактычна паміраюць, і таму колькасьць рэлігійных арганізацыяў натуральна зьмяншаецца — прапарцыйна старэньню насельніцтва ў сельскай мясцовасьці.

Моладзь таксама выяжджае з краіны — ізноў жа гэта дэмаграфічная яма, у якой мы цяпер знаходзімся. Вельмі шмат актыўных людзей зьяжджае, і гэта ня можа не ўплываць на колькасьць вернікаў, колькасьць тых, хто ходзіць у царкву.

Трэці фактар — ковід. Мы і многія сьвятары заўважылі, што пасьля ковіду і ўсіх пературбацыяў вакол яго, пасьля пазыцыі, якую займалі цэрквы, калі многія людзі заражаліся ў цэрквах, паміралі вернікі, сьвятары, вельмі скараціўся давер да царквы як да інстытуцыі, гатовай несьці адказнасьць за сваіх вернікаў. Быў вельмі істотны крызіс даверу, зьвязаны з ковідам.

Чацьвёрты фактар — гэта 2020 год. Рэпрэсавалі архіяпіскапа Арцемія (Горадзенскага). Царква ў сваёй большасьці не выступала адназначна супраць гвалту, супраць беззаконьня. Хоць і былі галасы сьвятароў, і нават япіскапаў, і нават мітрапаліт Павал штосьці там заяўляў і хадзіў наведваць людзей, якія былі ў шпіталі пасьля пабіцьця й катаваньняў.

Тым ня менш многія актыўныя вернікі, якія спрабавалі дагрукацца да сваёй ярархіі, да патрыярха, дагрукацца да сьвятароў, не маглі гэтага зрабіць.

Яны адчулі сябе непачутымі ў гэтай царкве. І гэта парушыла жаданьне нават хадзіць у царкву, нешта там рабіць, і людзі выбралі прыватны спосаб практыкаваньня сваёй веры. Магчыма, зьбіраюцца нейкімі малымі групамі, недзе дома моляцца, разам ядуць, нешта чытаюць.

Пяты фактар — вайна. Людзей істотна адхіліла ад царквы тое, што Расейская праваслаўная царква падтрымала вайну, Сьвята-Лізавецінскі манастыр зь ягонай дзейнасьцю — усе гэтыя фактары вельмі паўплывалі на жаданьне людзей мець нейкае дачыненьне да гэтай рэлігійнай арганізацыі, асацыяваць сябе зь ёю.

— Паводле вашага маніторынгу, наколькі зьменшылася ці зьменшыцца колькасьць прыходаў у выніку перарэгістрацыі?

— Абсалютных лічбаў няма, але нейкія працэнты можна назваць. Цяжка прагназаваць, бо перарэгістрацыя працягваецца, але можна закладаць зьмяншэньне колькасьці гэтых рэлігійных арганізацыяў на 5-10%.

Каб зарэгістраваць рэлігійную арганізацыю (гэта і раней так было, але цяпер рэгістрацыя праходзіць наноў), людзі павінны даваць свае пэрсанальныя зьвесткі — хто яны, што яны, дзе працуюць, нумар тэлефона і гэтак далей, каб подпісы прыняў рэгістрацыйны орган.

Людзі цяпер ня хочуць даваць сваіх пэрсанальных зьвестак. Ужо давалі падчас збору подпісаў на прэзыдэнцкіх выбарах. І многія пацярпелі ад гэтага. Людзі менш стараюцца з гэтым усім зьвязвацца і менш сьвяціцца перад дзяржавай.

— Многія сьвятары апынуліся за кратамі, а кіраўнікі канфэсіяў на сустрэчы з Лукашэнкам сёлета ў лютым не выказвалі ніякага абурэньня і нават ня згадвалі гэтага. Якая сытуацыя з рэпрэсаванымі сьвятарамі?

— Ёсьць формы падтрымкі, у тым ліку ўнутры царквы. Мо яны не заўсёды дастатковыя, не заўсёды публічныя, не заўсёды прыводзяць да пазытыўных наступстваў для людзей, якіх перасьледуюць.

Але гэтыя формы ёсьць, усе разумеюць, што ў краіне адбываецца нешта жахлівае, усе разумеюць, што кожны сьвятар можа можа стаць ахвярай перасьледу, у тым ліку праваслаўны сьвятар, што ягоная сям’я можа пацярпець.

Безумоўна, супольнасьць спрабуе неяк рэагаваць на гэта. Публічна ніхто рэагаваць ня будзе і ня можа, бо пачнецца ланцуговая рэакцыя. Усякая публічная салідарнасьць перасьледуецца.

У нашым маніторынгу колькасьць рэпрэсаваных сьвятароў няпоўная. Частку выпадкаў мы не агучваем на просьбу самых гэтых людзей або празь сямейную сытуацыю. У нашым сьпісе цяпер 89 чалавек — 20 праваслаўных сьвятароў, 5 грэка-каталіцкіх, 34 рыма-каталіцкія і 30 пратэстанцкіх.

«Гэта Эўфрасіньня Полацкая стварыла духоўны цэнтар, а не Лукашэнка»

— На прапанову Лукашэнкі прадстаўнікі канфэсіяў выбралі духоўныя цэнтры па-за Менскам. Праваслаўныя выбралі Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр у Жыровічах і Спаса-Эўфрасіньнеўскі жаночы манастыр у Полацку. Каталікі — касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Мусульмане — мячэць у Іўі. Юдэі — сынагогу ў Бабруйску. Ці маглі б вы патлумачыць мэты стварэньня гэтых духоўных цэнтраў?

— Стварэньнем духоўных цэнтраў гэта назваць нельга. Бачыце, духоўны цэнтар у Полацку адзначае ўжо 900 гадоў. Лукашэнка тады яшчэ не нарадзіўся і не займеў ідэю стварыць духоўны цэнтар.

Гэта Эўфрасіньня Полацкая стварыла духоўны цэнтар, а не Лукашэнка. Большасьць паломніцтваў, большасьць экскурсіяў едуць менавіта туды, каб пазнаёміцца з жыцьцём той ці іншай канфэсіі.

Магчыма, гэта зьвязана з тым, што дзяржава хоча ўкласьці нейкія грошы ў рэстаўрацыю. Іх могуць выкарыстоўваць для нейкіх дзяржаўных захадаў, праводзіць у гэтых духоўных цэнтрах чарговыя дажынкі.

Я мяркую, што ўлады яшчэ да канца і не прыдумалі, як яны будуць гэта выкарыстоўваць, але трэцяга ліпеня, напэўна, мы пабачым, што там будуць званіць званы а 12-й гадзіне дня.

Улады спрабуюць неяк змабілізаваць рэлігійныя супольнасьці або выкарыстаць іх для нейкай «карцінкі» ў сваю падтрымку. Ня думаю, што за гэтым стаіць нейкая глыбокая палітычная ідэя ці тэхналёгія.

— Як верніцу, як тэалягіню што вас найбольш хвалюе, непакоіць у хрысьціянскім жыцьці Беларусі?

— Найбольш мяне ўсё ж непакоіць фізычная бясьпека людзей, бо рэпрэсіі не спыніліся. Кожны дзень прыходзяць зьвесткі з розных куткоў Беларусі пра тое, што кагосьці з рэлігійнай супольнасьці затрымалі, хтосьці пад вартай. Галоўнае, каб цяпер як мага менш людзей папалі пад гэты ціск рэпрэсіяў, каб менш семʼяў пацярпела.

Другая частка — маральная: каб людзі не згубілі веру Крызісы часам умацоўваюць веру і ўпэўненасьць у тым, што нашая эвангельская, хрысьціянская вера праўдзівая і Бог сапраўды за нас клапоціцца.

Але праз тое, што рэлігійныя людзі або тыя, хто мае ўладу ў рэлігійных супольнасьцях, часам маўчаць, калі трэба гаварыць, ці гавораць, калі трэба маўчаць, падманваюць, выкручваюцца ці наўпрост падтрымліваюць зло, гэта для ўсёй супольнасьці дзейнічае вельмі разбуральна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)