Прыходзяць ва ўрад разумныя людзі ды спрабуюць разагнаць эканоміку. Пасля адзін беларус палохаецца і вырашае напалохаць нацыю. Прыводзіць ва ўрад людзей з кругавой ізвілінай ад фуражкі. Эканоміка тармозіць. Калі стае зусім цяжка — зноў шукае разумных. І так па коле.
«Мы былі сярод найбольш развітых і заможных у былым саўку. Зараз нас абганяюць амаль усе»
Аналітык Ігар Тышкевіч прыводзіць цікавую статыстыку.
— Узяў памеры ВУП (па метадалогіі МВФ) па гадах з 1995 году. І па кожнай краіне, якія некалі былі часткамі СССР, — піша Тышкевіч. — Цікава, што поўная статыстыка ёсць з 1995 году. Гэта наштурхнула на думку. А чаму б не параўнаць:
а) памеры эканомік
б) наколькі эканомікі дзяржаў (ВУП) выраслі з 1995 году.
Зрабіў.
Ітак, 1995 год — па памеры эканомікі (ВУП) Беларусь на 5-м месцы сярод некалі «саюзных рэспублік». Большая эканоміка толькі ў РФ, Украіны, Казахстана, Узбекістана.
У 2005-м на 4-м — Узбекістан сутыкнуўся з крызісам збыту уласнай прадукцыі і, як вынік, дэіндустрыялізацыяй.
2010-ты — таксама чацвёртае. Пры тым што выраслі ўсе, але тады ў Беларусі спрабавалі праводзіць эканамічныя рэформы.
У 2015-м ужо пятыя. З 2011 па 2014 Беларусь «ітэгравалася» ў мытны саюз, а Узбекістан рабіў рэзкія рэформы, і за 5 год павялічыў ВУП з 49 да 85 млрд даляраў.
2020-ты — захавалі 5 месца — таксама дзякуючы спробам эканамічных пераўтварэнняў (ці лібералізацыі 2016-19 гадоў).
І, нарэшце, 2024-ты — 8 (восьмыя). Прапусцілі нагору Азербайджан, Туркменістан і Літоўскую рэспубліку.
Калі ж вылічыў мультыплікатар (у колькі разоў вырас ВУП з 1995 году), то карціна стала відавочнай. Па тэмпах росту эканомікі Беларусь «пасе задніх». ВУП у абсалютных лічбах вырас з 10,532 да прыкладна 71,179 млрд. Альбо ў 6,76 разоў. Шмат? Малайцы?
Магчыма. Але горш за нас з 15 былых «саюзных рэспублік» вырасьлі толькі:
- Украіна. Якую падкасіла анэксія Крыму ды вайна на Данбасе з 2014 (згубіла 18% прамысловасці) і моцна лупанула агрэсія РФ у 2022-м. Яе рост склаў 4,98 разы.
- РФ, якая вырасла ў 6,4 разы. Але тут зразумела — краіна-бензакалонка расце не развіццём эканомікі, а продажам сыравіны.
Крыху вышэйшыя тэмпы ў Латвіі (8,3 разы) і Туркменістана (8,44).
З Латвіяй зразумела — яе эксперымент па пераўтварэнню на «фінансавы хаб» моцна ўдарыў па эканоміцы падчас фінансавых крызісаў. Агойдваюцца дасюль. А вось Туркменістан — краіна якая па запасах газу ўваходзіць у сусветны ТОП-5 мае іншы праклён. Дакладней праклёны. Турменбашы, Акадаг і зараз ягоны сын.
А вось тыя, з каго смяяліся дзяржаўныя СМІ, раслі хутка.
Малдова, якую ўспрымалі беднай і якая згубіла 30% тэрыторый (Прыднястроў'е) і палову прамысловасці, вырасла ў 16,3 разы.
Арменія, якая была заціснута варожымі краінамі і траціла купу грошай на вайну, у 19,8.
Азербайджан — то навогул у 30,7 разоў.
Грузія й Казахстан — у 17.
Кыргызстан — у 11.
Суседняя літоўская рэспубліка — у 12,5.
Пры гэтым у Беларусі няма войнаў, тэрыторыі не гублялі. І нават дэманстравалі, што можам расці хутка (2006-2010, 2016-19). Але ў нашай гісторыі такія сінусоіды зразумелыя.
Ну і асноўны «партнёр і сябра». Калі той, на каго ты молішся і да каго прывязваеш эканоміку, вырас за 30 год толькі ў 6,5 разоў, пра рост, прынамсі тэмпамі Малдовы, годзе ўжо й думаць. Гэта не магчыма.
Адным словам, арыфметыка — цікавая штука.
Для патэнцыйных крытыкаў. Разлікі па ВУП па парытэту пакупальнай здольнасці ВУП па ППЗ і ВУП па ППЗ на душу насельніцтва даюць такую ж дынаміку.
Простымі словамі — мы былі сярод найбольш развітых і заможных у былым саўку. Зараз нас абганяюць амаль усе. І абгоняць, калі зноў не запрасіць разумных заняцца эканомікай.
Читайте еще
Избранное