Перагарнуць старонку, пачаць жыццё спачатку – ах, гэтая старажытная як свет, марная мара.
Лукашэнка адказаў Бугаю і чытачам Навумчыка
Ці варта мяняць адны «нерэалістычныя чаканні» на іншыя?
Артыкул шаноўнага Міколы Бугая выклікаў супярэчлівую рэакцыю нават сярод чытачоў «Нашай Нівы». Бо тэзіс, зь якога пачынае аўтар, дублюе фірмовы лукашэнкаўскі: «Трэба перагарнуць старонку 2020-га». Маўляў, варта «знізіць чаканні і адмовіцца ад водападзелаў 20-га».
Шэраг спрэчных думак не перашкодзіў Бугаю трапіць у чаканні часткі супольнасці (ужо сфармаваныя). Пра тое сведчыць апытанка, якую ў сваім тэлеграм-канале зладзіў крыху раней шаноўны Сяргей Навумчык.
«Ці лічыце Вы мэтазгоднай самаліквідацыю створаных за мяжой пасьля 2020 г. палітычных цэнтраў узамен на вызваленьне ўсіх палітвязьняў, поўную амністыю і гарантыю бясьпечнага вяртаньня ў Беларусь усіх эмігрантаў, якія б пажадалі вярнуцца?»
На гэты момант 57% прагаласаваўшых адказалі «так», 24% – «не», 19% – «ня маю адказу».
Натуральна, гэта не сацыялагічнае даследванне (ды й боты маглі падкарэктаваць вынікі). Але сведчанне існавання настрояў на «перагортванне».
Праблема ў тым, што перагортваць не гатовы Лукашэнка. І ніколі не быў гатовы. Ягоны адпаведны заклік быў усяго толькі хітрыкам, каб сцішыць пратэстныя настроі і выйграць час дзеля расправы з апанентамі.
Лукашэнка чарговы раз засведчыў гэта літаральна праз дзень пасля артыкула Бугая. Цытата:
«Рассчитывать на то, что мы бандитов выпустим, которые жгли, взрывали, и они это признают, [не стоит]. Мы их выпустим, а они снова против нас будут войну вести?»
Дарэчы, зараз ужо большасць сядзіць нават не за ўдзел у мірных пратэстах, а за каментары, лайкі ды іншыя падобныя праявы нелаяльнасці. Толькі што Вясна даведалася пра жахлівы выпадак, калі на 5 гадоў у калонію адправілі сям’ю – мужа, жонку і дачку – за відэа супраць гвалту сілавікоў.
Лукашэнка шалее, калі ўзгадвае пра 2020-ы. Гэта траўма застанецца з ім да скону. І гэта не той чалавек, якому ўласцівая літасць.
Таму прыхільнікам дэмакратычнай і незалежнай Беларусі папросту бессэнсоўна пагаджацца хоць на «перагортванне», хоць на «вырыванне» старонкі. Гэта ніяк не палепшыць сітуацыю, а, наадварот, створыць глыбокі і надзвычай шкодны з пункту гледжання перспектывы раскол унутры супольнасці па абсалютна штучным пытанні.
Мікола Бугай слушна піша пра неабходнасць адмовіцца ад «нерэалістычных чаканняў» (тым, у каго яны яшчэ засталіся). Аднак ці варта мяняць адны ілюзіі на іншыя?..
Выбар нам усім пакінулі невялікі: капітуляваць або працягваць ісці сваім шляхам. На гэтым шляху будуць непазбежныя і патрэбныя самыя розныя кампрамісы. Але ёсць розніца паміж разумнай карэкціроўкай тактыкі і хістаннямі ад аднаго накірунку да іншага. Праўда ў тым, што мы ня ведаем, які з іх вядзе да свабоды і незалежнасці. Таму у гэтым «марафоне скрозь ноч» лепш захоўваць здаровы сэнс, спакой, гнуткасць падыходаў і нязменнасць мэт.
Читайте еще
Избранное