Вы ж памятаеце жудасныя гісторыі, як хапалі «рэйкавых партызан», прастрэльвалі ім калені… Уявіць сабе, што супраць манеўраў людзі пачнуць выходзіць на вуліцы? Не. Так што, мяркую, тут связі няма.
Класкоўскі: Чаму Лукашэнка за сустрэчу з Келагам і тыя дзве чаркі выпусціў 14 палітвязняў, але не выпускае астатніх?
Палітычны аналітык — пра вакно магчымасцяў для вызвалення палітвязняў.
Візіт амерыканскага спецпасланніка ў Беларусь дазволіў выцягнуць 14 чалавек з вязніц, але ж не стаў прыкметай лібералізацыі рэжыму. Наадварот, праваабаронцы адзначаюць рост затрыманняў і судоў па палітычных справах.
Ці ёсць сувязь паміж узмацненнем рэпрэсій і падрыхтоўкай афіцыйнага Мінска да сумесных з РФ вайсковых вучэнняў «Захад-2025», альбо ў гэтым іншыя чыннікі, разважае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.
— Наўрад ці гэта звязана з манеўрамі, — адзначыў аналітык у эфіры Обычного утра. — Гэта ў 2022 годзе, калі пачалася вайна ва Украіне, людзі выходзілі на пратэсты — хоць і тады ўжо было зразумела, што будуць наступствы. А цяпер усё задушана.
Пакуль што відавочна, што Лукашэнка не даваў адмашку на спыненне ці хаця б з на змяншэнне рэпрэсій. Гэтая машына працуе ўжо ў сваім рытме, па сваіх законах. Людзі ў пагонах «даюць вал», таму што для іх гэта прэміі, зорачкі на пагонах і г.д.
Некаторыя кажуць: маўляў, Лукашэнка ўжо не можа ў прынцыпе сцішыць рэпрэсіі. Я думаю, не зусім так. Народ, скажам наўпрост, запалоханы. І калі ў два-тры разы зменшыцца маштаб рэпрэсій, усё адно яшчэ шмат часу павінна прайсці, каб людзі трохі вальней пачалі дыхаць і ўзнялі галовы.
Ёсць меркаванне, што рэжым пачаў вызваляць палітвязняў пад ціскам санкцый, аднак Аляксандр Класкоўскі з гэтым поглядам не згодны. Аналітык нагадвае: Лукашэнка стварыў сабе вобраз «крутога мачо», «ненахіляльнага». А папярэднія цыклы адноснага паляпшэння стасункаў з Захадам былі звязаныя з тым, што рэжыму паказвалі станоўчыя стымулы, пэўную моркаўку. Ці ёсць такая моркаўка і прадуманая, пакрокавая стратэгія ў амерыканскага боку цяпер — невідавочна.
— Але, на маю думку, цяпер тая сітуацыя, што трэба максімальна выкарыстоўваць гэтае вакно магчымасцяў для вызвалення людзей.
Бо за гэта не толькі ўсе людзі добрай волі. Як паказвае сацыялогія Chatham House, нават значная частка лукашыстаў, так званых «ябацек» — яны таксама за змяншэнне рэпрэсій. «Рэпрэсняк» ужо многім надакучыў.
Тыя, умоўна кажучы, тэхнакраты, якія знаходзяцца ва ўладзе, маладзейшае пакаленне, разумеюць, што нельга душыць эканоміку валюнтарысцкімі рашэннямі, узмацняць «рэпрэсняком» адток кадраў — колькі там паехала з краіны, ці 500 тысяч чалавек, ці ўжо нашмат болей? Гэта вялікая дэмаграфічная дзірка, вялікія праблемы на рынку працы.
Нездарма ж Лукашэнка заікнуўся пра 150 тысяч пакістанцаў, але пасля негатыўнай рэакцыі з боку беларусаў нешта прыкусіў язык, і не факт, што паедуць гэтыя пакістанцы — а калі б і прыехалі, то яны не заменяць самых адукаваных, ініцыятыўных, прадпрымальных людзей, якія з’ехалі.
І ва ўладзе ёсць людзі са здаровым глуздам у галаве, якія ўсведамляюць, што 5 гадоў рэпрэсій — гэта ўжо занадта, і хацелі б трошкі іншай атмасферы ў грамадстве.
Чаму тады Лукашэнка за сустрэчу з Келагам і тыя дзве чаркі выпусціў 14 палітвязняў, але не выпускае астатніх? Бо гэта пытанне цаны.
Тут мы, паўтаруся, можам толькі спекуляваць, ці ёсць прадуманая стратэгія з боку Вашынгтона, ці ёсць у Трампа яшчэ патрэба твіты рабіць на беларускую тэму, ці можа ён ужо астыў да гэтай праблематыкі.
Але разам з тым у гэтым кірунку працуюць кар’ерныя дыпламаты, якія ведаюць Лукашэнку як аблупленага. І іх не трэба вучыць, які ён дыктатар, — але тым не меней, ёсць пэўная надзея, што ім удасца ўцягнуць рэжым у пакрокавую стратэгію <паляпшэння стасункаў>.
Читайте еще
Избранное