Анджэй Пачобут стаў лаўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава

Прэміяй Еўрапарламента беларускі палітзняволены журналіст уганараваны разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі.

Мзія Амаглабелі з Грузіі, Анджэй Пачобут з Беларусі, лаўрэаты прэміі Сахарава 2025 года © L.S/Belta AFP & Z.T/Netgazeti

Анджэя Пачобута на прэмію імя Андрэя Сахарава рэкамендавала група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

16 кастрычніка члены камітэтаў Еўрапейскага парламента па замежных справах і развіцці прагаласавалі за трох фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года.

На прэмію прэтэндавалі зняволеныя журналісты Анджэй Пачобут з Беларусі і Мзія Амаглабелі з Грузіі; журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ва ўсіх зонах канфліктаў, прадстаўленыя Палестынскім сіндыкатам журналістаў, Чырвоным Паўмесяцам і Блізкаўсходнім агенцтвам ААН для дапамогі палестынскім уцекачам; сербскія студэнты.

Рашэнне канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента абвясціла лаўрэата 2025 года падчас пленарнага пасяджэння 22 кастрычніка. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16 снежня 2025 года ў Страсбургу.

Беларускі журналіст і лідар ліквідаванага ўладамі «Саюза палякаў Беларусі» Анджэй Пачобут знаходзіцца ў зняволенні з 25 сакавіка 2021 года.

У лютым 2023 года Пачобуту прысудзілі 8 год калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці і закліках супраць нацбяспекі (артыкулы 130 и 361 КК).

Журналіст адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі №1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск. У калоніі Пачобут перанёс аперацыю.

Нядаўна палітзняволенаму журналісту на 6 месяцаў працягнулі рэжым у памяшканні камернага тыпу. Анджэй не мае права выходзіць на свежае паветра і працаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)